КАБА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура канца бронзавага — пач. жалезнага веку (11—7 ст. да н.э.) на тэр. Кабардзіна-Балкарыі, Чэчні, Інгушэціі, Паўн. Асеціі. Назва ад могільніка каля аула Кабан (Паўн. Асеція). Вывучаны гал. чынам могільнікі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным выглядзе. Пахаванні ямныя, абкладзеныя і перакрытыя каменнымі плітамі. Пахавальны інвентар — бронзавыя паясы, спіральныя ручныя і нажныя бранзалеты, кінжалы, баявыя сякеры, вял. шпількі, бронзавыя і сердалікавыя пацеркі. Кераміка з геам. арнаментам і налепамі. Металургія К.к. — адна з найб. развітых на тэр. Каўказа, некат. бронзавыя прадметы інкруставаныя жалезам. Гал. занятак насельніцтва — авечкагадоўля.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)